СЛОВА АД УКЛАДАЛЬНІКА

“Новый русско-белорусский словарь”/“Новы расейска-беларускі слоўнік” я пачаў складаць больш за 20 гадоў таму назад. Паўстаў ён з маёй асабістай незадаволенасьці “закалькаванасьцю” сучаснай беларускай мовы, наяўнасьцю ў ёй шматлікіх “ка̀лек-калѐк” (пераважна “расеянізмаў”), асабліва што да выслоўяў, устойлівых выразаў, параўнаньняў ды іншых моўных зваротаў якія зьяўляюцца, разам з прыказкамі й прымаўкамі, “душою” кожнай нацыянальнай мовы.

Напачатку мне здавалася, што варта стварыць невялічкі слоўнічак зь некалькіх тысячаў “адпаведнікаў” (пад “адпаведнікамі” я разумею ня толькі асобныя словы, а й верхпамянёныя “моўныя звароты”) і праблема “закалькаванасьці” будзе разьвязаная. Але ўсё сталася куды больш складана. Калі напачатку ўкладаньня слоўніка я “стыхійна”, паводле расейскага альфабэту, “накідваў” у слоўнік самыя розныя “адпаведнікі” з самых разнастайных крыніцаў (мовазнаўчыя артыкулы й кнігі, літаратурныя творы нашых клясыкаў і сучасьнікаў, фальклёр, дыялектычныя ды іншыя слоўнікі і г. д. і да таго пад.), дык гадоў пяць таму назад замахнуўся на “рэвізію” нашага акадэмічнага (пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы) “Русско-белорусского словаря”. Хачу адразу адзначыць, што лепшага расейска-беларускага слоўніка, чым слоўнік Кандрата Крапівы, у нас на сёньняшні дзень нямашака. Мне асабіста падабаецца ягоная, сапраўды, акадэмічная распрацаванасьць, асабліва што тычыцца “шматварыянтнасьці” беларускай мовы. Найбольш-жа не задавальняе механічны пераклад бальшыні “моўных зваротаў” і асобных словаў з расейскай на беларускую мову: штучнае (ці-то ненаўмыснае, ці-то мэтанакіраванае) ўтварэньне “ка̀лек-калѐк”. Не знайшлося ў “Русско-белорусском словаре” месца й велізарнаму блёку гэтак званых “дыялектызмаў”, якія могуць сьмела супернічаць з сваімі “літаратурнымі сабратамі”, а часам і пераўзыходзяць іх паводле сваёй насычанасьці, экспрэсіі, дакладнасьці.

Троху пра структуру слоўніка. У слоўніку два слупкі. У левым – расейскія словы й моўныя звароты пададзеныя адзін за адным паводле расейскага альфабэту. У правым слупку насупраць – іхныя беларускія адпаведнікі: “ланцужкі” зь беларускіх словаў і моўных зваротаў. Наперадзе “ланцужка” стаяць найбольш ужываныя сёньня адпаведнікі, а напрыканцы – малаўжываныя ці зусім неўжываныя, адным словам, “экзотыка”. Хачу зацеміць таксама, што “ланцужкі” складаюцца менавіта з адпаведнікаў і ня трэба блытаць іх з “сынанімічнымі радамі”. Адпаведнікі пададзеныя, дзеля лёгкасьці карыстаньня й зьмяншэньня аб’ёму матар’яла, без спасылак на крыніцы, але слоўнік даволі багаты на прыклады ўжываньня іх на практыцы.

Правапіс слоўніка – клясычны. Гэта перадусім зьвязанае з тым, што галоўнымі носьбітамі беларускай мовы сёньня зьяўляецца гарадзкая беларуская інтэлігенцыя, якая ўвабрала ў сябе беларускія словы з кніжак ды такіх самых, як яны, “гарадзкіх” сяброў і знаёмых (у адрыве ад жывой беларускай гаворкі, выспачкі якой мо яшчэ дзе-нідзе й ацалелі ў Беларусі). Клясычны правапіс (тарашкевіца) найбольш адпавядае галоўнаму прынцыпу беларускай фанэтыкі: як чуецца, так і пішацца. Таму карыстальнікі слоўніка, на думку ўкладальніка, разам з выбаўленьнем ад “зрокавых” калек будуць выбаўляцца і ад калек “слыхавых”.

З-пад увагі на тое, што “Новы расейска-беларускі слоўнік” – гэта слоўнік “аднаго чалавека”, да таго-ж ніякага не філёляга, а проста моўнага практыка, у слоўнік, напэўна, закралася шмат хібаў і недакладнасьцяў, у тым ліку й звычайных граматычных памылак ды апісак. Таму ўкладальнік спадзяецца на вашую “зваротную сувязь”, на выпраўленьне з вашаю дапамогаю заўважаных хібаў, на канструктыўны (!) дыялёг, на дасыланьне новых “адпаведнікаў”. Мая электронная адрэса: [email protected]

Заўвага!

Шаноўнае спадарства! Укладальнік няспынна папаўняе, удакладняе, удасканальвае Антыкальку. Прыкладна адзін раз у месяц робіцца абнаўленьне слоўніка (зьяўляецца новая вэрсыя). Сачыце за абнаўленьнямі!

19 траўня 2025 г.
Алег Мінкін