СЛОВА АД УКЛАДАЛЬНІКА
(Слоўнік рыфмаў беларускай мовы)Вядома, што здольнасьць да рыфмаваньня, рыфматворчасьці – гэта адмысловы дар, які даецца ягоным носьбітам “ад нараджэньня”. Таму складальнік “Слоўніка рыфмаў” абмяжаваўся толькі самымі простымі, гэтак званымі дакладнымі рыфмамі:
1) жаночая рыфма (з націскам на перадапошні склад): ба̀ба – жа̀ба, улучаючы усечаную рыфму (у канцы аднаго з рыфмаваных словаў ёсьць адзін-два гукі не сугучныя другому слову): ба̀ба – та̀бар;
2) мужчынская адкрытая рыфма (з націскам на апошні склад, з галосным на канцы): дзяльба̀ – журба̀, улучаючы усечаную рыфму: дзяльба̀ – зба̀н;
З) мужчынская закрытая рыфма (з націскам на апошні склад, з зычным на канцы): гры̀б – углы̀б, улучаючы ўсечаную рыфму: гры̀б – ні̀мб.
Слоўнік складаецца зь 17 частак, складзеных, за некаторымі выняткамі, паводле сучаснага беларускага альфабэту. Галосныя гукі ў частках аб’яднаныя ў пары: а(я), е(э), о(ё), і(ы), у(ю). Звонкія зычныя аб’яднаныя з глухімі зычнымі гукамі: б(п), г(х), д(т), ж(ш), з(с), у тым ліку й пары дж(ч) і дз(ц). Рыфмы на галосныя, аб’яднаныя ў асобную частку: А(Я)Е(Э)Ё(О)І(Ы)У(Ю). Гэтаксама ў асобныя часткі ўлучаныя рыфмы на Ў і Й. Абзацы рыфмаў з апострафам (`), разьдзяляльнымі мяккім знакам (ь) і у- нескладовым (ў) раскіданыя па асобных частках.
Кожная з частак разьбітая на 3 разьдзелы. Напрыклад, частка Б(П) мае разьдзел Б(П)1 – жаночая рыфма (баба̀ – жаба̀, ла̀па – сква̀па і г. д.), Б(П)2 – мужчынская адкрытая рыфма (галыцьба̀ – гульба̀, ступа̀ – тарпа̀ і г. д.), Б(П)3 – мужчынская закрытая рыфма (ара̀б – ядва̀б, каца̀п – галашча̀п і г. д.).
Кожны з разьдзелаў разьбіты на 5 падразьдзелаў паводле 5-ці параў галосных гукаў: а(я), е(э), о(ё), і(ы), у(ю). Падразьдзелы, у свой чарод, маюць собскія абзацы, пазначаныя зорачкай(*). Структуру падразьдзелаў і абзацаў чытачы лёгка зразумеюць пры карыстаньні “Слоўнікам”. (Ключ для карыстаньня “Слоўнікам” падаецца ніжэй).
Што да некаторых вострых пытаньняў, дык укладальнік “Слоўніка” трымаўся думкі, што для беларускае мовы найлепшымі зьяўляюцца поўныя формы напісаньня назоўнікаў жаночага роду множнага ліку роднага склону: хатаў, сьценаў, бярозаў, імпэрыяў, а ня хат, сьцен, бяроз, імпэрый. І хоць дапушчальны, асабліва ў вершаваных тэкстах, няпоўны варыянт напісаньня, укладальнік, каб не прывучаць чытача да горшага варыянту напісаньня, наўмысна не залучыў яго ў “Слоўнік”.
Зазначыма таксама, што ўкладальнік рупіўся “не грашыць” іншамоўнымі словамі й спэцыяльнымі тэрмінамі, унікаў, на колькі мог, “расеянізмаў”, дзе-нідзе скарыстаў фразэмы, не цураўся рэдкаўжываных словаў і новатвораў.
“Слоўнік”, перадусім, разьлічаны на паэтаў і перакладнікаў, г. зн. на чытачоў, якія добра ведаюць беларускую мову. Усё-ж зрэдку ўкладальнік падае (у дужках) тлумачэньне некаторых, пераважна рэдкаўжываных, словаў або іхны пераклад на расейскую мову.
Спадзяюся на плённую дапамогу ўсіх тых, каго зацікавіць Рыфмар. Чакаю заўвагаў, канструктыўнай крытыкі, новых рыфмаў
[email protected]